Рус Бел Eng

З днём нараджэння, Бярэзінскі запаведнік!

30 студзеня Бярэзінскаму запаведніку спаўняецца 96 гадоў

30 студзеня Бярэзінскі запаведнік адзначае чарговую гадавіну - адной з найстарэйшых асабліва ахоўных прыродных тэрыторый Беларусі і Еўропы спаўняецца 96 гадоў з дня ўтварэння.

эмблема ц.jpg

30 студзеня 1925 года Савет Народных Камісараў БССР у мэтах аховы і размнажэння каштоўных дзікіх жывёл, у асаблівасці рачных баброў, выдаў дэкрэт «Аб заснаванні дзяржаўнага паляўнічага запаведніка ў Барысаўскім акрузе» - Бярэзінскага запаведніка. На яго тэрыторыі забаранілі паляванне, лоўлю рыбы, высечку і сплаў лесу, пачалі сур'ёзныя навуковыя даследаванні флоры і фауны. Развіццю запаведніка перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна, якая прынесла вялізныя страты запаведніку: былі знішчаны архівы і сабраныя калекцыі, якія мелі вялікае навуковае значэнне, разбураны музей і іншыя будынкі, знішчаны бабровая ферма і ласіны гадавальнік, высечцы падвергліся першабытныя лясы. Аднак запаведнік, як і яго шматвекавая прырода, выстаялі і выжылі.

DJI_0001.JPG  

Праз гады Бярэзінскі біясферны запаведнік стаў добра вядомы не толькі ў нашай краіне, але і як еўрапейскі прыродаахоўны комплекс. З 1979 года ён у складзе Сусветнай сеткі біясферных рэзерватаў праграмы ЮНЕСКА "Чалавек і біясфера". 26 гадоў таму Бярэзінскі запаведнік першым у Беларусі атрымаў прэстыжную міжнародную ўзнагароду - Еўрапейскі Дыплом ахоўных тэрыторый. У мінулым годзе Саветам Міністраў Савета Еўропы была прынята рэзалюцыя аб аднаўленні Еўрапейскага дыплома для ахоўных тэрыторый, прысуджанага Бярэзінскаму біясфернаму запаведніку, да 2030 года. А ў 2010 годзе тэрыторыя запаведніка была ўключана ў Рамсарскі спіс водна-балотных угоддзяў міжнароднага значэння. Бярэзінскі прылічаны таксама да Еўрапейскай сеткі біягенетычных рэзерватаў, Ізумруднай сеткі Еўропы, мае званні ключавой батанічнай і арніталагічнай тэрыторыі.

DJI_0004.JPG

З кароткай гісторыяй Бярэзінскага запаведніка можна азнаёміцца ТУТ

DJI_0003.jpg

Бярэзінскі біясферны запаведнік ў цяперашні час уяўляе сабой шматфункцыянальную структуру, якая дынамічна развіваецца. Ён паспяхова вырашае мноства важных пастаўленых перад ім задач. Гэта ахова тэрыторыі, вядзенне навуковай і асветніцкай дзейнасці, развіццё экалагічнага турызму, садзейнічанне сацыяльнаму дабрабыту мясцовага насельніцтва. Відавочна, што Бярэзінскі біясферны запаведнік мае вялікія перспектывы для свайго далейшага развіцця, многае яшчэ трэба будзе зрабіць. І хочацца верыць, што 96 гадоў - гэта толькі пачатак доўгага шляху!

DJI_0047.jpg 

Віншуем Бярэзінскі запаведнік з яго 96-ым Днём нараджэння! Пажадаем яму стабільнасці, развіцця і росквіту, а ўсім яго амаль паўтысячнаму калектыву здароўя, новых пачынанняў, аптымізму, дабрабыту і невычэрпнай энергіі ў захаванні унікальнай прыроднай тэрыторыі.

Фатаграфіі Дзяніса Іўковіча




Вярнуцца назад