Супрацоўніцтва паміж ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік" і Беларускім дзяржаўным універсітэтам існуе на працягу многіх гадоў. У рамках дзейнай паміж установамі дамовы вядуцца сумесныя даследаванні, публікуюцца навуковыя артыкулы, праводзіцца абмен навуковай і эколага-асветніцкай літаратурай. Навукоўцы БДУ ажыццяўляюць у запаведніку як збор матэрыялу для сваіх даследаванняў, так і ўваходзяць у склад навукова-вытворчай Рады нашай дзяржаўнай прыродаахоўнай установы.
Апроч навукова-даследчай дзейнасці, пастаянна вядзецца вучэбная і вучэбна-метадычная работа. З 2014 г. на базе запаведніка паспяхова функцыянуе філіял кафедры агульнай экалогіі і методыкі выкладання біялогіі біялагічнага факультэта вышэйшай навучальнай установы. Ён быў арганізаваны з мэтай узмацнення практычнай накіраванасці падрыхтоўкі спецыялістаў-эколагаў і павышэння якасці вытворчых практык студэнтаў. Філіял дапамагае студэнтам на практыцы засвоіць тэорыю і знайсці адказы на пытанні, звязаныя з арганізацыяй работы па захаванні біяразнастайнасці на ахоўных прыродных тэрыторыях, а таксама азнаёміцца з разнастайнасцю фауны Беларусі на прыкладзе Лепельскага р-на.
Традыцыйна ў пачатку першага навучальнага семестра ў запаведніку праводзяцца выязныя навучальныя заняткі экскурсійнага плана. Гэты год таксама не стаў выключэннем.
6-7 кастрычніка 2022 года запаведнік наведалі студэнты 4 курса біялагічнага факультэта БДУ.
Навучэнцы спецыяльнасцей "Біяэкалогія" і "Біялогія" (спецыялізацыя - заалогія) прыбылі на двухдзённую практыку ў рамках праграмы спецпрактыкума кафедры заалогіі і кафедры экалогіі і методыкі выкладання біялогіі.
У суправаджэнні выкладчыкаў універсітэта і супрацоўнікаў навуковага аддзела запаведніка яны пабывалі ў Музеі прыроды, Лясным заапарку, на экалагічнай сцежцы, возеры Альшыца, урочышчы "Броды" і азнаёміліся з Бярэзінскай воднай сістэмай.
Студэнты БДУ штогод выконваюць курсавыя і дыпломныя работы па матэрыялах, сабраных на працягу восені і зімы на тэрыторыі запаведніка, вясной праходзяць пераддыпломную, а летам - вучэбную экалагічную практыку.
У далейшым самыя старанныя і таленавітыя хлопцы, якія мараць звязаць сваё жыццё і будучую работу з прыродай запаведнай тэрыторыі, могуць атрымаць размеркаванне ў ДПУ "Бярэзінскі біясферны запаведнік".
Адметна, што каля паловы цяперашніх навуковых супрацоўнікаў дзяржаўнай прыродаахоўнай установы - менавіта выпускнікі біялагічнага факультэта вядучай ВНУ Беларусі. А сёлета пасаду лабаранта 1-ай катэгорыі навуковага аддзела запаведніка атрымала Крысціна Малькова, таксама выпускніца "біяфака" БДУ.
Так, рамантычныя мары аб будучай прафесіі ўвасабляюцца ў рэальнасць у Бярэзінскім біясферным запаведніку.
Фатаграфіі К.А. Мальковай